«Не забудуцца дум тваіх словы...»

 «Не забудуцца дум тваіх словы...»





Вышэй за ўсё — умець падслухаць біццё сэрца народа, умець адкрыць іерогліфы легенд ключом уласнай шчаслівай інтуіцыі, умець узнавіць вобразы мінулага ў барвах і контурах... 

Уладзислаў Сыракомля 

                       Імя Уладзіслава Сыракомлі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя гучала  паэтычнай славай па ўсяму Паўночна-Заходняму краю (Беларусі і Літве), Польшчы і ў самой Расіі. Пасля Адама Міцкевіча Уладзіслаў Сыракомля — самая яскравая зорка літаратуры Беларусі ХІХ стагоддзя. Паводле слоў Мікалая Аксакава, ён сапраўдны народны гусляр. А па ацэнцы Максіма Горкага, Сыракомля стаіць у адным шэрагу з вялікімі паэтамі — Пушкіным, Шэлі, Гейнэ, Міцкевічам.

                          Творчы плён рознабаковага таленту нашага земляка, вядомага ва ўсім славянскім свеце паэта, надзвычай багаты. Ён пісаў лірычныя вершы і паэмы, гавэнды-гутаркі і песні, краязнаўчыя нарысы і дарожныя нататкі, гістарычна-літаратурныя даследаванні і рэцэнзіі на паэтычныя кнігі, мясцовыя агляды для газет і публіцыстычныя артыкулы, апавяданні і фалькларыстычныя працы. Перакладаў з латыні, з французскай, нямецкай, англійскай, іспанскай, рускай, украінскай моваў. Творчая спадчына яго дагэтага часу не сабрана поўнасцю і недастаткова вывучана.

                              Уладзіслаў Сыракомля (сапраўднае імя Людвік Францішак Уладзіслаў Кандратовіч), паэт-гуманіст, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык, этнограф, увайшоў у гісторыю беларускай і польскай літаратуры як аўтар высокамастацкіх паэтычных твораў, гісторыка-літаратурных прац, цудоўных перакладаў.

                                Нарадзіўся ён 29 верасня 1823 года ў фальварку Смольгаў  Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер Любанскі раён Мінскай вобласці) у сям'і арандатара Аляксандра Кандратовіча і Вікторыі Златкоўскай. Продкі паэта належалі да старадаўняй беларускай шляхты, паланізаванай у выніку гістарычных падзей у Вялікім Княстве Літоўскім. Ён з’яўляўся прадстаўніком шляхецкага роду Кандратовічаў гербу “Сыракомля”, назву якога потым узяў за псеўданім...... В конце XIV века герб этот был пожалован одному витязю Сырокомле в награду за мужественную защиту имени Христова против язычниковпроизносивших на него хулу.


.                                Дзед паэта Юзаф быў лідскім ротмістрам, бацька меў адукацыю каморніка, але на казённую службу не пайшоў і, каб пракарміць сям'ю, арандаваў дробныя фальваркі ў князёў Радзівілаў.

                     Дзяцінства прайшло ў вандроўках па арандаваных бацькам фальварках: Смолічы, Яськавічы, Кудзінавічы, Мархачоўшчына на Міншчыне. Пачатковую адукацыю атрымаў дома. Навучыўшыся чытаць па- польску ў шасцігадовым узросце; Сыракомля самастойна знаёміўся з творамі I. Красіцкага і Ф. Князьніна.

                      У 1833 годзе пачаў вучобу ў Нясвіжскай дамініканскай школе. Калі праз 3 гады яе зачынілі, перавёўся ў дамініканскую школу ў Навагрудку, якую скончыў у 1837 годзе.

                                  Потым Уладзіслаў Сыракомля вярнуўся да бацькоў у вёску Мархачоўшчына, каб далучыцца да гаспадарчых спраў. Неўзабаве высветлілася, што арандатарскія клопаты не прываблівалі падлетка, які шмат чытаў і нават рыфмаваў, пераймаўшы класічныя ўзоры. Бацька дапамог яму ў 1841 годзе ўладкавацца на службу ў канцылярыю кіраўніцтва радзівілаўскімі маёнткамі. Тут ён атрымаў магчымасць знаёміцца з класічнай літаратурай, перыёдыкай, архівам Радзівілаў, з мясцовымі эрудытамі — выпускнікамі Віленскага ўніверсітэта, карыстацца ix кнігазборамі, наведваць літаратурныя вечарыны. Апрача таго, ён занатоўваў у дзённіку мясцовыя паданні, апавяданні пра мінулае Нясвіжа i яго саноўных гаспадароў. 


Усё гэта дапамагло У. Сыракомлю сфарміраваць сваё светаразуменне i стаўленне да гістарычных падзей i рэчаіснасці, і ў выніку ім быў напісаны артыкул пра мінулае Нясвіжа для “Старажытнай Польшчы” М. Баліньскага.

                                       У 1844 годзе Уладзіслаў Сыракомля ажаніўся з 16-гадовай Паўлінай Мітрашэўскай, а пасля вяселля звольніўся ca службы i арандаваў фальварак Залучча ў Навагрудскім павеце (цяпер у Стаўбцоўскім раёне).Камень на месцы фальварку Залучча, у якім у 1844-52 гг. жыў Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч)

 Тут цалкам раскрыўся яго паэтычны талент. Уладзіслаў Сыракомля дэбютаваў вершаванай гутаркай “Паштальён”, напісанай паводле пачутай у Міры гісторыі («народнай гутаркі») і надрукаванай у віленскім часопісе («Атэнэум», 1844). Гутарка была перакладзена ў скарочаным варыянце Л. Трэфалевым, стала папулярнай рускай народнай песняй («Калі я на пошце служыў ямшчыком…»). У часопісе друкаваліся i іншыя яго вершы i празаічныя творы. Яны пачалі выдавацца i асобнымі зборнікамі, хадзілі ў рукапісах, завучваліся на памяць. Ужо ў падзагалоўку “Паштальёна” — “народная гутарка” — вызначыўся асноўны жанр яго паэтычных твораў, героем якіх звычайна быў беларускі селянін або шляхціц. Паэт падкрэсліваў адзінства сваёй творчасці з народам, яго інтарэсамі i спадзяваннямі. Сваё лiтаратурнае крэда ён выразна акрэслiў у наступных радках:

HE Я ПЯЮ - НАРОД БОЖЫ...

 He я пяю — народ Божы 

Даў мне ў песні лад прыгожы, 

Бо на сэрцы маю путы

I з народам імі скуты. 

3 ім я зліўся з добрай волі,

 Чы то ў долі, чы ў нядолі, 

Чы гдзе гора абзавецца,

 Як асіна, грудзь трасецца.

 Чы пра радасць чую весці, 

Усё ў грудзь хаваю гдзесьці.

 Мне гаворыць вёска, хата, 

Мне гаворыць сэрца брата, 

Рад збіраю, што пачую, 

У грудзі сваёй нашу я, 

Аж, як траўка на кургане,

 Яно ўзыдзе — песняй стане. 

1844

У гэты час убачылі свет яго гутаркі : ”Хадыка”, “Высакародны Ян Дэмбарог”, “Ілюмінацыя”, “Лірнік вясковы” і інш. Выказваючы спачуванне i сімпатыю да беднага люду, прапаведуючы дабро i гуманізм, паэт параўноўваў сябе з вясковым лірнікам, які “ў дарагой старонцы будзе граць людзям”. Ён лічыў неабходным дапамагчы народу ўсвядоміць, што ён сам гаспадар на сваёй зямлі. Адзін з яго герояў-сялян гаварыў: “Я край мой кармлю адвеку i маю права звацца чалавекам”.

                                 Паводле Сыракомлі, вялікую ролю ў выхаванні самасвядомасці i годнасці нацыі павінна адыграць гістарычнае асветніцтва. Таму шэраг яго празаічных i навуковых твораў прысвечаны менавіта праблемам гісторыі, этнаграфіі i мовы беларусаў. Сярод ix: “Вандроўкі па маіх былых ваколіцах” (1853), “Кароткае даследаванне мовы i характару паэзіі русінаў Мінскай правінцыі” (1856), “Мінск” (1857), “Нёман ад вытокаў да вусця” (1861), нататкі аб мінулым Нясвіжа для кнігі М. Баліньскага “Старажытная Польшча”, шматлікія артыкулы ў перыядычным друку. Паэт займаўся таксама i перакладамі з латыні, публіцыстыкай. У сярэдзіне 1850-х гадоў Сыракомля быў ужо аўтарам шасці перакладных кніг паэтаў-лаціністаў, двухтомнай “Гісторыі літаратуры ў Польшчы”, некалькіх асобных выданняў гутарак-паэм, а таксама зборнікаў лірычных твораў.

                                        Перакладаў на польскую мову творы разнастайных рускіх, французскіх, украінскіх, нямецкіх і лацінскіх паэтаў. Сярод найбольш значных прац — пераклады твораў Гётэ, Гейнэ, Лермантава, Шаўчэнкі, Някрасава, Беранжэ і іншых. Творы У. Сыракомлі лічацца аднымі з найлепшых перакладаў паэзіі ў гісторыі польскай мовы. Ён сам пісаў найчасцей на польскай мове.У большасці сваіх твораў адлюстроўваў жыццё ў Беларусі, яе гісторыю. З’яўляўся аўтарам апрацовак беларускіх народных казак.

                                       Шырока выкарыстоўваў паэт сюжэты i вобразы беларускага фальклору. Асабліва моцна захапіў яго лірызм беларускіх народных песень, уплыў якіх адчуваецца ў вершах: “Крук”, “Груган”, “Жніўная песня”, “Доля” i інш. Шмат увагі надаваў падтрымцы творчасці землякоў на беларускай мове (В. Дунін- Марцінкевіч, А. Вярыга-Дарэўскі і інш.). Збіраўся сумесна з В. Каратынскім выдаць кнігу беларускамоўных вершаў. З твораў, напісаных Сыракомлем па-беларуску, да нас дайшлі толькі два — верш “Добрыя весці” (1848, 1861) і вершаваная лірычная мініяцюра “Ужо птушкі пяюць ўсюды...” (1861). 

                                              Творчасць Сыракомлі адметная палымяным патрыятызмам, глыбокім веданнем гісторыі Бацькаўшчыны, характару, звычаяў, асаблівасцей нацыянальнай псіхалогіі беларусаў. 

ШТО ЎМЕЮ НАМАЛЯВАЦЬ

" Калі трапіць у рукі аловак выпадкам 

I, не знаючы што, маляваць я вазьмуся, 

Заўжды выйдзе ў мяне беларуская хатка, 

Ці касцельчык, ці двор і з буслянкаю бусел.

 Я другога не ўмею падаць на паперы. 

Толькі вобраз, што ў сэрцы назаўжды адбіўся.

 Шчыра прагнуў наўчыцца, ды згаслі намеры:

 Панскі гмах не адолеў — аловак скрышыўся...................."

У сваіх творах ён апяваў хараство наднёманскіх краявідаў, падкрэсліваючы, што яны даражэйшыя за славутыя замежныя. Яго вабілі i гістарычныя падзеі, што сведчылі пра патрыятызм продкаў, пра ix імкненне да свабоды i шчасця, гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля вызвалення Айчыны. Гэты матыў прагучаў у яго творах «Соф’я, княжна Слуцкая», «Марцін Студзенскі». Гораду Нясвіжу i яго былым уладарам паэт прысвяціў 6 санетаў, якія аб’яднаў у цыкле «Успаміны пра Нясвіж» (1844).

                                        У 1852 годзе У. Сыракомля пераехаў у Вільню, бліжэй да выдавецтваў. Друкаваўся ў газеце «Виленский вестник» , дзе таксама рэдагаваў аддзел віленскай хронікі. У 1853 годзе ён арандаваў фальварак Барэйкаўшчына, што размяшчаўся паміж Вільняй i Ашмянамі. Пражыў тут амаль 10 гадоў, але роднай гэта арандаваная сядзіба так i не стала:

Тут не мае ні дом, ні глеба,

Што родзіць хлеба небагата.

Мае тут толькі сонеч неба,

Якая ўзносіцца над хатай.

Паэт шмат падарожнічаў па Беларусі, Літве і Польшчы. Ён наладжваў сувязі з патрыятычнымі коламі Прусіі i Аўстрыі, абмяркоўваў магчымасць сумесных дзеянняў. Пасля гэтых паездак за У. Сыракомлям быў устаноўлены сакрэтны нагляд, які паглыбіў канфлікт з царскімі ўладамі. За патрыятычныя выступленні на антыцарскіх маніфестацыях у красавіку 1861 года быў арыштаваны і заключаны ў віленскую турму, але хутка быў вызвалены як хворы на сухоты. Да заканчэння следства яму было дазволена жыць пад наглядам паліцыі ў Барэйкаўшчыне, а пазней пераехаць на лячэнне ў Вільню. 

                                 Памёр Уладзіслаў Сыракомля 15 верасня 1862 года.  

Магіла Уладзіслава Сыракомлі.

(Людвіка Уладзіслава Францішака Кандратовіча, 29 верасня 1823 - 15 верасня 1862).
Могілкі Росы, Вільня

                            Пахаваны на могілках Роса. У фарным касцёле ў Нясвіжы, касцёле святога Яна ў Вільні, а таксама на доме ў Вільні, дзе ён памёр, ёсць памятныя шыльды. У Нясвіжы, Мінску і Варшаве ёсць вуліцы, якія носяць яго імя. У Варшаве ў гонар паэта названы адразу дзве вуліцы: вуліца Людвіка Кандратовіча і вуліца Уладзіслава Сыракомлі. Імем У. Сыракомлі названа адна з сярэдніх школ у Вільні. У Барэйкаўшчыне створаны музей-бібліятэка У. Сыракомлі. У 1993 годзе быў адкрыты бюст У. Сыракомлі ў Старым парку Нясвіжа.  

    Песні на вершы  паэта пісалі I. Залескі, С. Манюшка. С. Грушвіцкі і інш.

Паводле паэмы “Маргер” К. Горскім напісана аднайменная опера (нядаўна знойдзена ў Санкт-Пецярбургу). Памяці Сыракомлі прысвяцілі свае вершы Я. Лучына, А. Плуг, Я. Купала. Яго вобраз выведзены ў аповесці А. Мальдзіса “Восень пасярод вясны” (1984).

                                  " Мы доўгі час называлі “вясковага лірніка” або польскім, або беларуска-польскім паэтам, унутрана, аднак, усведамляючы ва ўсім глыбока беларускі характар ягонай творчасці. Муза Ул. Сыракомлі, толькі па нацыянальнаму няшчасцю вымушаная пераважным чынам выступаць у польскамоўнай абалонцы, мела ўсе падставы называць сябе беларускай. Як адзначалі яшчэ сучаснікі, у яго паэзіі жыве не толькі беларускі дух, але глыбока нацыянальны, народны, уся фальклорна- этнічная аснова, увесь лад мовы, ідыёмы, сінтаксіс, сам тып мыслення паэта”. (А.Яскевіч).

                                     Польская, беларуская, літоўская моладзь Віленшчыны сабрала сродкі на памятны камень у гонар Сыракомлі. Ён быў пастаўлены ў Барэйкаўшчыне ў 1899 годзе. Ушанаванне памяці Сыракомлі адбылося таксама ў 1908 годзе, калі былі ўсталяваны мемарыяльныя дошкі ў касцёле Св. Яна ў Варшаве, а яшчэ раней, у 1902 годзе, — у касцёле Божага Цела ў Нясвіжы. З цягам часу з’явіліся вуліцы Сыракомлі ў  Мінску, Навагрудку, Гродне...   Здаецца, збылося тое, пра што казаў Янка Купала стагоддзе таму:

Будзеш жыць! Будуць векі ісці за вякамі, –
Не забудуцца дум тваіх словы,
Як і слоў беларускіх, жывучы паміж намі,
Не забыўся ты, Лірнік вясковы.

 Праз пяцьдзесят гадоў пасля смерці паэта, у верасні 1912 г. каля памятнага каменя ў Барэйкаўшчыне Янка Купала прачытаў ўзгаданыя радкі, якімі прадвесціў незабыўнасць У. Сыракомлі на Беларусі, роўную яго незабыўнасці беларускага слова...



Комментарии

Популярные сообщения из этого блога

ТЯЖЕЛА ТЫ, ШАПКА МОНОМАХА ИЛИ КАК ЦЕЛЬ ОПРАВДЫВАЕТ СРЕДСТВА....

АЛЬФА І АМЕГА МІКАЛАЯ РАВЕНСКАГА

Оливковое масло и лимон: дуэт здоровья и долголетия