АЛЬФА І АМЕГА МІКАЛАЯ РАВЕНСКАГА

-Памятаю, як бабуля ў адзін з восеньскіх дзён 1941 года прыйшла з царквы радасная і ўзбуджаная: нарэшце у нас будзе сапраўдны хор, сказала яна, бо цяпер ёсць каму кіраваць ім. Маем рэгента. Гэта і быў Мікола Равенскі.
Сваімі дзіцячымі ўражаннямі і ўспамінамі дзялілася і жыхарка Чэрвеня Лідзія Задорына якую Мікалай Равенскі вучыў спяваць, займаўся з ёй музыкай:
- У той час Мікалаю Якаўлевічу было не вельмі многа гадоў, але мне запомніўся ён як пажылы чалавек, да таго ж заўсёды ў клопатах пра малых дачок, вымушаны быў займацца гаршкамі ды пялюшкамі....
- Нарадзіўся будучы кампазітар ў мястэчку Капланцы Ігуменскага павета Мінскай воласці 5 снежня 1886 года. З 1895 па - 1903 год быў удзельнікам мінскага архіерэйскага хора, дзе атрымаў першапачатковую музычную адукацыю. У 1905 годзе, 19-гадовым юнаком пераехаў у Навагрудак дзе працаваў рэгентам царкоўнага хора і выкладчыкам музыкі ў школе. У 1912-1914 г.г навучаўся на трохгадовых курсах падрыхтоўкі рэгентаў ў Маскве пасля заканчэння якіх вярнуўся ў Навагрудак. Калі пачалася першая сусветная вайна знаходзіўся ў эвакуацыі, дзе працаваў будаўніком.
Напачатку 1919 года пераехаў ў Мінск, выкладаў музыку ў адной з школ і працаваў дырыжорам хора пры праваслаўнай Царкве Святой Кацярыны. З 1920 года кіраваў хорам пры Беларускім клубе рабочых. У 1922 годзе быў арыштаваны, пасля вызвалення працаваў хормайстрам Мінскага гарадскога тэатра.
У той жа час пачаў складаць свае першыя музычныя кампазіцыі: песні на вершы Канстанцыі Буйло, уступ да паэмы "Гапон" Дуніна -Марцінкевіча. Як лічыць Ул. Мароз у сваім артыкуле "Нонканфармізм Мікалая Равенскага" - Равенскі першым паклаў на музыку вершы Максіма Багдановіча " Слуцкія ткачыхі", "Завіруха", "Не кувай ты, шэрая зязюля". З даваенных твораў трэба адзначыць яшчэ шматлікія апрацоўкі народных песень, гістарычную сюіту па матывам верша К. Буйло "Курган", першую беларускую аперэту "Залёты" на словы Дуніна Марцінкевіча, песню на словы Цішкі Гартнага "Ах ты Нёман-рака" высокага патрыятычнага гучання. У 1922 годзе ў Мінску кааператыўна-выдавецкім таварыствам "Адраджэньнне" быў выданы "Зборнік песьняў з нотамі" які утрымліваў практычна ўвесь тагачасны песенны рэпертуар Равенскага і, які захаваўся толькі ў беларускай бібліятэцы ў Лондане....
У 1923 годзе кампазітар пераехаў ў Маскву каб падоўжыць сваю музычную адукацыю. У 1927 годзе закончыў музычны тэхнікум , а ў 1930 - кампазітарскі факультэт кансерваторыі... Падчас сямігадовага жыцця ў Маскве Равенскі пасябраваў з паэтам Уладзімерам Дубоўкам, які быў у сталіцы СССР прадстаўніком Урада Беларусі. На вершы Дубоўкі Равенскі пісаў рамансы, песенныя кампазіцыі, разам яны працавалі над операй "Браніслава" галоўнай каштоўнасцю якой быў беларускі эпас : ужыванне беларускіх абрадаў язычніцкага часу, вобраз лірніка, найгрышы якога Равенскі занатаваў падчас творчай вандроўкі па Магілёўскай воласці...
З 1930 года Мікалай Якаўлевіч Равенскі выкладаў музычна-тэарэтычныя дысцыпліны ў Беларускім музычным тэхнікуме ў Мінску... Пазней - у Беларускай касерваторыі. Пастаянна пераследваўся органамі. Неўзабаве арыштавалі як "ворага народа" сябра - Уладзімера Дубоўку. А праз пару дзён супрацоўнікі НКВД абшуквалі дом Мікалая Равенскага. Яны канфіскавалі ўсе творы на вершы Дубоўкі у тым ліку і клавір оперы "Браніслава". Неўзабаве арыштоўваюць і растрэльваюць братоў Равенскага - Антона і Аляксандра. Мікалая Якаўлевіча выключаюць з Саюза Кампазітараў, з ім не вітаюцца калегі. Кампазітар, які па меркаванню сучаснікаў быў далёкі ад палітыкчных баталій ХХ стагоддзя, якога прываблівала толькі музыка звальняецца з кансерваторыі едзе ў Магілёў дзе ўладкоўваецца настаўнікам музыкі ў сярэдняй школе. Гэты ад'езд , магчыма, ўратаваў яго ад арышту.
22 чэрвеня 1941 года Мікалай Равенскі прыязджае з Магілёва ў Мінск наведаць сямью. 24 чэрвеня горад ужо бамбілі. Дом у якім жылі Равенскія згарэў падчас бамбёжкі. У другі раз кампазітар быў пазбаўлены створанага і ён вяртаецца на сваю радзіму.. У Чэрвені, як я казала ўжо раней - Мікалай Якаўлевіч ўладкоўваееца рэгентам хора мясцовай праваслаўнай царквы. Тут ён напісаў музыку для малітваў " Херувімская", "Міласць Міра", "Верую", "Ойча наш", Дастойна есть" і канцэрт "Слава в вышніх Богу". Ужо падчас вайны напісаў музыку для "Пагоні" М. Багдановіча.
У 1944 годзе калі нямецкія войскі пакінулі Беларусь, падаўся ў эміграцыю. Шэсць гадоў Мікалаў Равенскі скітаўся па лагерах для эмігрантаў: выкладаў у беларускай гімназіі, стварыў харавы калектыў, жаночы вакальны ансамбль, з якімі гстраляваў па ўсёй Еўропе... Хору ў беларускіх нацыяальных касцюмах, выконваўшаму беларускія творы, гучалі апладысменты ў Брусселі, Парыжы, Лондане...У Англіі калектыў запрасілі на тэлебачанне, на Бельгійскай студыі грамзапісі хор запісў некалькі пласцінак. Пазней Мікалай Якаўлевіч Равенскі пераехаў ў Бельгію дзе пры Каталіцкім універсітэце горада Лёўна арганізаваў беларускі студэнцкі ансамбль які стаў мяцовай славутасцю. У 1947 годзе кампазітар напісаў самы выдатны свой твор - гімн "Магутны Божа" на словы Наталлі Арсенневай. У душы выдатнага стваральніка музыкі гучала мелодыя Радзімы якую ён безгранічна любіў, праслаўляў у сваіх творах і якой быў пазбаўлены...
Мікалай Равенскі памёр ва ўзросце 67 гадоў ў 1953 годзе 3 сакавіка... У яго пакоі на стале ляжаў каляндарны ліст дзе побач з запісанымі тэмамі да песень была зроблена яго рукою кампазіцыя: мастацкі акрэсленая альфа і амега, а пасярэдзіне слова "Беларусь". Жыў і ствараў кампазітар дзеля Беларусі і яго народа...
Магіла беларускага творцы знаходзіцца пад апекай бельгійскага Урада.
На Бацькаўшчыне ж штогод на міжнародным фестывалі хрысціянскай музыкі у г. Магілёве гучыць яго гімн "Магутны Божа"...
Комментарии